ДАЗІМЕТРЫ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

сістэмы, устаноўкі і прылады для рэгістрацыі і вымярэння іанізавальных выпрамяненняў і актыўнасці іх крыніц. Маюць дэтэктар (паглынае энергію выпрамянення; гл. Дэтэктары ядзерных выпрамяненняў), вымяральнае прыстасаванне (вымярае велічыню радыяцыйных эфектаў) і выхадную прыладу (стрэлачныя прылады, самапісцы, эл.-мех. лічыльнікі, гукавыя ці светлавыя сігналізатары і інш.). У залежнасці ад віду кантролю падзяляюць на 6 груп.

Да 1-й групы адносяць прылады для вымярэння магутнасці дозы рэнтгенаўскага γ-выпрамянення і патокаў нейтронаў з дапамогай іанізацыйных камер або сцынцыляцыйных дэтэктараў, да 2-й — прылады для вымярэння патокаў α- і β-часціц з забруджаных паверхняў з дапамогай сцынцыляцыйных дэтэктараў, прапарцыянальных лічыльнікаў з паветр. запаўненнем (α-часціцы) і β-лічыльнікаў, да 3-й — устаноўкі для вымярэння забруджанасці паветра актыўнымі газамі, аэразолямі і інш. з дапамогай іанізацыйных камер, да 4-й — радыеметрычныя ўстаноўкі для вымярэння абсалютнай актыўнасці проб вады і прадуктаў харчавання з дапамогай газанапоўненых і сцынцыляцыйных дэтэктараў, да 5-й — апаратура для вымярэння індывідуальных доз γ-выпрамянення і нейтронаў з дапамогай касет з фотаплёнкамі або малых іанізацыйных камер, да 6-й — устаноўкі, якія маюць вял. сцынцыляцыйныя дэтэктары, для вымярэння натуральнага γ-выпрамянення чалавека, вызначэння наяўнасці β- і γ-актыўных рэчываў. Многія тыпы Д.п. выпускаюць прадпрыемствы Беларусі.

А.В.Берастаў.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)